Отдел Фольклористики и культуры славянских народов
История отдела
Даследаванне фальклору, традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў складае асноўную мэту працы аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў (да 2007 года – аддзел славістыкі).
Сярод задач, якія вырашаліся і вырашаюцца ў аддзеле на сучасным этапе:
1) правядзенне сучасных палявых даследаванняў беларускага фальклору, яго дакументаванне, публікацыя і захаванне, а таксама навуковая інтэрпрэтацыя і папулярызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі;папаўненне Калекцыі фальклорных запісаў, якая мае статус нацыянальнага здабытку, і стварэнне сучаснага лічбавага архіва беларускага фальклору;
2) тэарэтычныя даследаванні класічнага беларускага фальклору, міфалогіі і традыцыйнай культуры; вызначэнне фальклорных механізмаў перадачы і інтэрпрэтацыі соцыякультурнага вопыту;
3) аналіз сучасных формаў беларускага фальклору ў кантэксце функцыянавання этнічнай ідэнтычнасці.
За апошнія дзесяць гадоў супрацоўнікі аддзела працавалі над выкананнем наступных Дзяржаўных праграм: “Народная творчасць у соцыякультурных умовах сучаснай Беларусі: рэгіянальная шматстайнасць і міжславянскія сувязі фальклора і постфальклора”, “Фальклорная спадчына беларусаў у сучасным славянскім свеце: паралелі, генезіс, лакальныя асаблівасці”. Зараз выконваецца тэма“Беларускі фальклор у еўрапейскай прасторы: этнічныя маркеры, дыялектная шматстайнасць, сучасныя інтэрпрэтацыі”.
Доўгачаканай і перспектыўнай падзеяй стала заснаванне перыядычнага выдання - штогадовага зборніка навуковых артыкулаў "Беларускі фальклор: Матэрыялы і даследаванні»2014-), уключанага ў спіс выданняў, рэкамендаваных ВАК Беларусі.
Гонар і асаблівы клопат фалькларыстаў аддзела -- Калекцыя фальклорных запісаў аддзела фалькларысткі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, якая пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жнiўня 2001 г. № 1137 прызнана навуковым аб’ектам, што складае нацыянальны здабытак (дзяржаўны рэестравы нумар 3). Калекцыя фальклорных запісаў налічвае больш за 400 тысяч тэкставых і 70 тысяч гукавых запісаў фальклору, сярод якіх асноўную частку займае вусная народная творчасць беларусаў. Таксама ў архіве прадстаўлены мясцовы рускі, польскі, украінскі, яўрэйскі, літоўскі і цыганскі фальклор.
Будучы ўнікальнай крыніцай вывучэння нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў, Калекцыя фальклорных запісаў пастаянна запатрабавана айчыннымі і замежнымі спецыялістамі ў галіне фалькларыстыкі, этнаграфіі, этнамузыкалогіі, этналінгвістыкі, а таксама супрацоўнікамі сферы культуры і адукацыі.
У 2009 г. для забеспячэння належнага функцыянавання Калекцыі фальклорных запісаў пры аддзеле фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі быў створаны сектар захавання фальклорнай спадчыны (яго першы загадчык – М.Міхайлец, з 2013 года – Ю.Внуковіч, з 2020 года – Я.І. Грыневіч).
Атрыманыя ў аддзеле падчас навуковых даследаванняў вынікі актуальныя і могуць быць выкарыстаны для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, павышэння прэстыжу беларускай мовы і культуры, патрыятычнага выхавання моладзі і ў цэлым ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці; прапаганды беларускай культурнай спадчыны ў глабалізаваным славянскім свеце; стварэння спрыяльных умоў для ўзаемадзеяння нацыянальнай культуры беларусаў з народнай творчасцю славян і іншых еўрапейскіх народаў; фарміравання еўрапейскага культурна-інфармацыйнага поля і развіцця спосабаў яго рэгіянальнага, нацыянальнага і транснацыянальнага апасродкавання.